Спецыяльныя дакладчыкі ААН раскрытыкавалі новы беларускі законапраект «Пра змяненне законаў па пытаннях забяспечання правоў дзяцей». Уладам яны скіравалі ліст, дзе называюць новаўвядзенні абмежаваннем правоў на працу. Гаворка пра забарону працаваць педагогамі асуджаным за «экстрэмізм». Ліст быў дасланы і ў рэдакцыю «Люстэрка».

Мяркуючы з законапраекта, да працы не будуць дапушчаныя педагогі, якія маюць непагашаную ці нязнятую судзімасць, а таксама здзейснілі злачынствы «экстрэмісцкай» скіраванасці незалежна ад зняцця ці пагашэння судзімасці альбо спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх за здзяйсненне названых злачынстваў.
У дакуменце не гаворыцца, якія артыкулы адносяцца да «экстрэмісцкіх».
Законапраект у першым чытанні ўжо прыняла Палата прадстаўнікоў. Каб ён пачаў працаваць, далей яго павінныя ўхваліць у Савеце Рэспублікі, пасля чаго ён трапіць на подпіс да Аляксандра Лукашэнкі. Толькі пасля гэтага дакумент атрымае статус закона, а гэтыя новыя палажэнні ўступяць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.
Спецдакладчыкі ААН звяртаюцца да ўладаў Беларусі з нагоды «інфармацыі пра абмежаванні права на працу», прапанаваныя законапраектам. Яны нагадваюць, што ўжо неаднаразова адзначалі несумяшчальнасць беларускіх «антыэкстрэмісцкіх» законаў з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека.
«З прычыны расплывістасці нацыянальнай антыэкстрэмісцкай заканадаўчай базы
абмежаванні права на працу, прапанаваныя ў законапраекце, уяўляюцца залішнімі і несувымернымі ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека», — гаворыцца ў лісце.
Там адзначаецца, што ў выпадку прыняцця законапраекта ён дасць празмерныя магчымасці выканаўчым органам улады, што можа прывесці да парушэнняў права кожнага чалавека на магчымасць зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна выбірае ў адпаведнасці з арт. 6 Міжнароднага пакта пра эканамічныя, сацыяльныя і культурныя правы, ратыфікаванага Беларуссю 12 лістапада 1973 года.
Спецдакладчыкі ацэньваюць такую ініцыятыву ўладаў як «дыскрымінацыю па прыкмеце палітычных ці іншых перакананняў», улічваючы, што ў Беларусі ёсць злоўжыванні антыэкстрэмісцкім заканадаўствам для пераследу палітычнай
апазіцыі, праваабаронцаў, работнікаў СМІ, грамадзянскіх актывістаў і іншых асобаў
за «іх фактычную або меркаваную нязгоду з уладамі».
У ААН заклікалі ўлады Беларусі перагледзець і перапрацаваць законапраект, каб забяспечыць яго адпаведнасць міжнародным абавянням краіны што да правоў чалавека.
Адказаў на ліст не было.
Нагадаем, распрацоўкай законапраекта займаліся МУС, Мінадукацыі і Генпракуратура.