Аднойчы Трамп ужо хацеў атрымаць долю ў мінеральных багаццях іншай краіны, абяцаючы ўзамен ваенную дапамогу. Усё скончылася катастрофай
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

4 сакавіка 2025 года віцэ-прэзідэнт ЗША Джэймс Вэнс зноў назваў «эканамічную выгаду» ЗША Ва Украіне «найлепшай гарантыяй бяспекі» для апошняй. Заява з’явілася амаль адначасова з навінамі пра прыпыненне амерыканскай ваеннай дапамогі Украіне, якая тры гады адбівае поўнамаштабнае расійскае ўварванне. Такім чынам Вашынгтон хоча прымусіць Украіну да «ўрэгулявання канфлікту» на сваіх умовах, якія акурат і ўключаюць эканамічную выгаду ў выглядзе ўгоды пра карысныя выкапні (яе памылкова называюць «угодай пра рэдказямельныя металы»). Дональд Трамп упэўнены, што, калі амерыканцы будуць уцягнутыя ў распрацоўку радовішчаў ва Украіне, Пуцін не наважыцца нападаць зноў — пабаіцца адказу Штатаў, якія будуць абараняць свой бізнес і грамадзян ваенным шляхам. Дык, можа, Уладзімір Зяленскі дарма не падпісвае гэтае пагадненне, а прэзідэнт ЗША мае рацыю і такая ўгода сапраўды лепш за ўсё абароніць Украіну ад далейшага расійскага ўварвання? Наўрад. Аднойчы Трамп ужо абяцаў іншай краіне амерыканскую ваенную дапамогу ў абмен на кантроль над яе карыснымі выкапнямі — расказваем, чым гэта скончылася.

Як Трамп паклаў вока на афганскія карысныя выкапні

Пра тое, што Афганістан — гэта не толькі «могілкі імперый», але і краіна з вялізнымі пакладамі многіх крытычна важных карысных выкапняў, у ЗША ведалі задоўга да таго, як Дональд Трамп упершыню стаў прэзідэнтам. Пасля тэрарыстычных нападаў 11 верасня 2001 года Штаты і іх саюзнікі ўварваліся ў Афганістан, хутка зрынулі рэжым «Талібана» і падтрымалі сфармаваны на яго месцы ўрад. З 2006 года спецыялісты Геалагічнай службы ЗША вывучалі змесціва афганскіх нетраў. А таксама знойдзеныя ў мясцовых архівах карты пакладаў карысных выкапняў, якія з 1960-х гадоў стваралі савецкія навукоўцы.

Общий вид домов на горе в Кабуле, Афганистан, 25 января 2023 года. Фото: Reuters
Агульны выгляд дамоў на гары ў Кабуле, Афганістан, 25 студзеня 2023 года. Фота: Reuters

Ужо ў 2007 годзе папярэднія ацэнкі амерыканскіх геолагаў паказвалі на тое, што ў Афганістане ёсць багатыя радовішчы медзі, жалеза, хрому, магнію, нікелю, ртуці, золата, срэбра, свінцу, цынку, берылію, літыю і многіх іншых карысных выкапняў, уключаючы каштоўныя камяні. А ў 2010 годзе ў публічную прастору прасачылася ўнутраная службовая запіска Пентагона, згодна з якой Афганістан дзякуючы велізарным запасам літыю мог ператварыцца ў «літыевую Саудаўскую Аравію» (тая вельмі багатая дзякуючы пакладам нафты). Агульны кошт рэсурсаў Афганістана, уключаючы некаторыя рэдказямельныя мінералы, амерыканскія геолагі і вайскоўцы ацанілі ў трыльён даляраў.

Праўда, на той момант прэзідэнтам ЗША быў прадстаўнік дэмакратычнай партыі Барак Абама. Магчыма, таму Вашынгтон не шукаў непасрэднай фінансавай выгады і разглядаў паклады літыю і іншых карысных выкапняў у Афганістане не як крыніцу аплаты сваёй ваеннай падтрымкі, а як сродак для стварэння сучаснай горназдабыўной прамысловасці, якая дапамагла б гэтай краіне дасягнуць эканамічнай незалежнасці і росквіту.

У студзені 2017 года Абаму ў Белым доме змяніў Дональд Трамп. Да гэтага часу Штаты штогод выдаткоўвалі каля 27 мільярдаў даляраў на падтрымку афганскага ўрада і свой вайсковы кантынгент там. Трамп даўно быў супраць і яшчэ ў 2013 годзе заяўляў, што ЗША павінныя тэрмінова вывесці свае войскі: «Мы павінныя неадкладна пакінуць Афганістан. Больш ніякіх дарэмна аддадзеных жыццяў. Калі нам давядзецца вярнуцца, мы зробім гэта жорстка і хутка. Спачатку адновім ЗША».

Новы прэзідэнт збіраўся ажыццявіць гэты намер адразу пасля прыходу да ўлады. Але наткнуўся на супраціў Рады па нацыянальнай бяспецы ЗША, які складаўся ў асноўным з былых і дзейных генералаў, не звязаных з Трампам асабістай лаяльнасцю. Тады яны здолелі пераканаць яго не гарачыцца і нават угаварылі нарасціць вайсковую прысутнасць у Афганістане.

Відаць, нават больш, чым амерыканскія генералы, у захаванні прысутнасці ЗША ў Афганістане быў зацікаўлены ўрад гэтай краіны, які моцна залежаў ад дапамогі Штатаў. Разумеючы, што без замежнай падтрымкі наўрад ці ўдасца выстаяць у барацьбе супраць талібаў, прэзідэнт Ашраф Гані намацаў слабае месца новага амерыканскага прэзідэнта.

Истребители F-15 ВВС США сбрасывают бомбы с комплектами JDAM в Афганистане, 2009 год. Фото: Staff Sgt. Michael B. Keller, www.defense.gov, commons.wikimedia.org
Знішчальнікі F-15 ВПС ЗША скідаюць бомбы з камплектамі JDAM у Афганістане, 2009 год. Фота: Staff Sgt. Michael B. Keller, www.defense.gov, commons.wikimedia.org

Неўзабаве пасля абрання на свой першы тэрмін Дональд Трамп заявіў, што ЗША пасля ўварвання ў Ірак мусілі захаваць за сабой права на іракскую нафту. «Пераможцу дастаюцца трафеі», — так абгрунтаваў ён гэты тэзіс. Урады многіх краін былі шакаваныя: на іх вачах ажыццяўляўся ходкі стэрэатып пра замежную палітыку амерыканцаў — маўляў, тыя імкліва разгортваюць авіяносныя групы, адчуўшы найменшую магчымасць усталяваць кантроль над нафтавымі радовішчамі. А вось прэзідэнт Гані і яго паплечнікі ўбачылі ў такой прагматычнасці шанец для сябе.

Учапіўшыся за яго, афганскі ўрад у гульні з Трампам сам выцягнуў з калоды тую самую «моцную карту», падрыхтаваную дзесяцігоддзямі працы савецкіх і амерыканскіх геолагаў. І прэзентаваў меркантыльнаму амерыканскаму лідару Афганістан і яго вялікія рэсурсы як бізнес-магчымасць.

З пачатку 2017 года афганскія чыноўнікі спрабавалі прыцягнуць увагу лідара ЗША афганскімі прыроднымі рэсурсамі. І гэта дало вынік. У чэрвені амбасадар Афганістана ў Вашынгтоне Хамдула Махіб сцвярджаў: «Прэзідэнт Трамп жыва цікавіцца эканамічным патэнцыялам Афганістана — нашым меркаваным трыльёнам даляраў у медзі, жалезнай рудзе, рэдказямельных элементах, алюмініі, золаце, срэбры, цынку, ртуці і літыі». А ў ліпені інфармагенцтва Reuters праз неназваных амерыканскіх чыноўнікаў даведалася: Трамп на сустрэчы са сваімі дарадцамі сцвярджаў, што ЗША павінныя запатрабаваць долю мінеральных багаццяў Афганістана ў абмен на дапамогу яго ўраду.

Ва ўсіх гэтых падзеях нескладана ўбачыць паралелі з цяперашнімі. Нагадаем, што пункт пра сумеснае выкарыстанне найважнейшых прыродных рэсурсаў Украіны восенню мінулага года з’явіўся ва ўкраінскім «Плане перамогі» акурат у спробе пераканаць тады яшчэ кандыдата ў прэзідэнты Дональда Трампа захаваць падтрымку Кіева. І быў распрацаваны з удзелам яго паплечніка, сенатара-рэспубліканца Ліндсі Грэма.

«Дамоклаў твіт»: ці дапамагла Афганістану згода аддаць частку карысных выкапняў ЗША?

У верасні 2017 года прэзідэнт ЗША сустрэўся са сваім афганскім калегам падчас паседжання Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Палітыкі заявілі, што падтрымліваюць удзел амерыканскіх кампаній у распрацоўцы афганскіх запасаў рэдказямельных металаў. Здавалася, што ўгода вось-вось запрацуе і ў цэнтральнаазіяцкую краіну лінуць буйныя інвестыцыі, абараняючы якія, Вашынгтон паралельна будзе абараняць дружалюбны ўрад.

Але на практыцы нічога гэтага не адбылося.

Вясной 2018 года талібы пачалі буйное наступленне ў Афганістане. Камандуючы амерыканскай групоўкай у гэтай краіне Джон Нікалсан сцвярджаў, што Расія дапамагае гэтаму тэрарыстычнаму руху і пастаўляе яму зброю. Незадаволены адсутнасцю прагрэсу ў вырашэнні афганскага пытання, Трамп зноў заявіў, што ЗША павінныя вывесці свае войскі. Да ліпеня 2018 года Белы дом пачаў весці перамовы пра ўмовы магчымага выхаду наўпрост з талібамі, фактычна адхіліўшы ад удзелу ў іх сваіх саюзнікаў — урад краіны.

Талибы рассматривают панораму Кабула. Афганистан, 31 марта 2022 года. Фото: Reuters
Талібы разглядаюць панараму Кабула. Афганістан, 31 сакавіка 2022 года. Фота: Reuters

Кансэнсусу ў амерыканскіх элітах што да пытання вываду войскаў не было, але Трамп раз-пораз працягваў пагражаць выйсці з Афганістана, што надавала талібам рашучасці ў перамовах. Амерыканскія чыноўнікі, якія ўдзельнічалі ў іх, называлі гэтую пастаянную пагрозу «дамоклавым твітам»: пакуль яны працавалі над пагадненнем, Трамп у любы момант мог проста абвясціць у «Твітары», што ЗША пакідаюць Афганістан, зводзячы на нішто іх працу. Гэта прымушала іх спяшацца і ісці на саступкі. Але тагачасны дзяржсакратар і заўзяты прыхільнік Трампа Майк Пампеа, які працаваў над дамовай, мяркуючы з усяго, лічыў, што «любая ўгода лепшая, чым яе адсутнасць».

У лютым 2020 года ў сталіцы Катара Досе ЗША і «Талібан» падпісалі пагадненне, у якім Вашынгтон прыняў ключавое патрабаванне талібаў і паабяцаў вывесці войскі з Афганістана за 14 месяцаў. Узамен «Талібан» пагадзіўся правесці перамовы з законным афганскім урадам і не дапускаць базавання тэрарыстычных груповак на тэрыторыі краіны (нагадаем, што сам «Талібан» у ЗША тэрарыстычнай арганізацыяй не лічыцца). Калі талібы не стрымаюць абяцанняў, ЗША захоўвалі за сабой права спыніць вывад войскаў.

У выніку «Талібан» не выканаў сваіх абавязанняў па барацьбе з тэрарызмам і вёў толькі млявыя перамовы з афіцыйным Кабулам. Амерыканскія войскі пачалі выходзіць з Афганістана, што дазволіла талібам нарасціць сілы. У сваю чаргу Вашынгтон працягнуў выконваць умовы пагаднення і пасля таго, як у студзені 2021 года рэспубліканца Трампа на прэзідэнцкай пасадзе змяніў дэмакрат Джо Байдэн. У выніку рашэнне ЗША пра выхад аказалася фатальным для іх афганскіх саюзнікаў: у жніўні 2021 года падужэлыя талібы захапілі Кабул, зрынулі ўрад і ўсталявалі жорсткую ісламісцкую дыктатуру над усёй краінай. Многія жыхары, якіх палічылі нелаяльнымі, былі забітыя, а само грамадства, якое толькі стала на шлях развіцця, цяпер катастрафічна адкінутае назад — аж да таго, што жанчынам забаранілі вучыцца і нават размаўляць на публіцы.

Фото: Reuters
Узброены таліб у Кабуле. Верасень 2021 года. Фота: Reuters

Падыход Дональда Трампа да замежнай палітыкі

Заключаючы ў 2020 годзе ўгоду з «Талібанам», ЗША зрабілі яму сур’ёзныя саступкі за кошт сваіх афганскіх саюзнікаў. Часткова такое рашэнне адміністрацыя Трампа тлумачыла нежаданнем марнаваць грошы амерыканскіх падаткаплатнікаў у далёкай краіне. Асаблівасці гэтага перамоўнага трэку раз за разам праяўляюцца і ў цяперашняй сітуацыі, калі Вашынгтон вядзе перамовы з Масквой за спінай Украіны і змушае Кіеў заключыць мір з Расіяй.

Магчыма, вынік афганскай угоды Трампа ўсё ж не задаволіў. Бо тады ЗША, «здаўшы» саюзніка, хоць і пазбавіліся неабходнасці выдаткоўваць мільярды даляраў на яго падтрымку, не атрымалі ніякай кампенсацыі за сродкі, выдаткаваныя раней. Зрабіўшы працу над памылкамі, цяпер кіраўнік Белага дома настойліва спрабуе ўпісаць ва ўмовы ўгоды, якую навязвае Зяленскаму, права ЗША распараджацца часткай украінскіх рэсурсаў.

Президент США Дональд Трамп беседует с президентом Украины Владимиром Зеленским в Белом доме, США, 28 февраля 2025 года. Фото: Reuters
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп размаўляе з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Белым доме, ЗША, 28 лютага 2025 года. Фота: Reuters

Адзначым, што Дональд Трамп ніколі не рабіў сакрэту са сваіх прагматычных і досыць цынічных поглядаў на адносіны з саюзнікамі. Паводле ўяўленняў бізнесоўца-палітыка, ЗША павінныя манетызаваць сваю дапамогу іншым краінам. Прычым гэтае правіла, мяркуючы з усяго, працуе ў адзін бок. Прынамсі, нам не ўдалося знайсці заяваў Трампа, у якіх ён заклікаў бы кампенсаваць з амерыканскага бюджэту выдаткі саюзнікаў ЗША, у тым ліку Украіны, панесеныя тымі ў войнах за амерыканскія інтарэсы ў Іраку і Афганістане.

Сваю замежнапалітычную платформу ва ўсёй яе прастаце Дональд Трамп адкрыта выклаў амаль 40 гадоў таму. У 1987 годзе тады яшчэ не палітык, а вельмі багаты забудоўшчык выдаткаваў 94 801 даляр, каб данесці свае погляды да максімальна магчымай колькасці амерыканцаў. З гэтай мэтай ён купіў цэлыя старонкі ў трох буйных амерыканскіх газетах — New York Times, Washington Post і Boston Globe. Гэтыя незвычайныя «рэкламныя аб’явы» крытыкавалі замежную палітыку тагачаснай адміністрацыі прэзідэнта-рэспубліканца Рональда Рэйгана.

Рональд Рейган. Фото: White House Photographic Office
Рональд Рэйган. Фота: White House Photographic Office

На думку Трампа, ЗША тых гадоў дарэмна абаранялі сваіх саюзнікаў у рэгіёне Персідскай затокі. Бізнесовец ахарактарызаваў яго як «тэрыторыю, якая мае толькі другараднае значэнне для Злучаных Штатаў з пункту гледжання паставак нафты, але ад якой практычна цалкам залежаць Японія і іншыя краіны». Трамп лічыў, што іншыя дзяржавы дзесяцігоддзямі здабывалі выгаду з амерыканскай дапамогі, што абыходзілася Штатам занадта дорага (тое, што такая палітыка прывяла ЗША на пазіцыю сусветнага лідара, бізнесоўца, відаць, не цікавіла):

«Чаму гэтыя краіны не плацяць Злучаным Штатам за чалавечыя жыцці і мільярды даляраў, якія мы страчваем, абараняючы іх інтарэсы? <…> Свет смяецца з амерыканскіх палітыкаў, пакуль мы абараняем судны, што нам не належаць, якія перавозяць нафту, што нам не патрэбная, прызначаную для саюзнікаў, што нам не дапамогуць. <…> Скончыце з нашым велізарным дэфіцытам, скараціце нашыя падаткі і дазвольце эканоміцы Амерыкі расці без цяжару выдаткаў на абарону тых, хто можа лёгка дазволіць сабе плаціць нам за абарону сваёй свабоды. Ніхто больш не мусіць смяяцца з нашай вялікай краіны».

Сёння такі падыход да замежнай палітыкі не сюрпрыз ні для прыхільнікаў Трампа ў ЗША, ні для яго праціўнікаў. Ці акажацца ён эфектыўным і карысным для Штатаў? Зусім не факт. Але пакуль яго такім лічыць амерыканскі прэзідэнт, астатняму свету давядзецца назіраць за тым, як самая магутная ў эканамічным і вайсковым плане краіна свету адыходзіць ад дэклараваных яе бацькамі-заснавальнікамі прынцыпаў абароны чалавечых правоў і свабодаў. І пачынае выбіраць саюзнікаў па прынцыпе «хто больш заплаціць».

Чытайце таксама